15 февраля 2018 г.
На самым маленькім глобусе кожны чалавек можа знайсці тое запаветнае месца, дзе ён нарадзіўся і, узяўшы аловак, паставіць кропку. Гэта кропка – пачатак ўсяго, кропка адліку жыццёвых уражанняў, добрых спраў, карані чалавека, яго малая Радзіма. Не многія жыхары Беларусі могуць ганарыцца тым, што на іх тэрыторыі знаходзіцца такі палацава-паркавы комплекс як музей-сядзіба М.К. Агінскага.
Разам з тым гэта накладвае пэўныя абавязкі - абавязкі перад сабой, перад сваімі аднавяскоўцамі, перад гасцямі. Ёсць патрэба ў пастаянным пошуку новага і самаўдасканальванні.
9 лютага ў знакамітай аранжарэі музея-сядзібы М.К. Агінскага адбыўся круглы стол “Стан гістарычных мясцін – візітоўка аг. Залессе”, на якім сабраліся кіраўнікі мясцовых установаў, старасты вуліц і жыхары Залесся, неабыякавыя да сваёй Радзімы. Сустрэчы ў сядзібе становяцца ўжо традыцыйнымі, на іх абмяркоўваюцца пытанні, якія тычацца не толькі музея, але і сельскага савета.
Супрацоўнікі музея-сядзібы прапанавалі правесці ў верасні фестываль “Вяргіні да дня нараджэння Міхала”, у рамках якога адбудуцца наступныя мерапрыемствы: канцэрт класічнай музыкі, конкурс падворкаў “Зямля смяецца кветкамі”, выстава кветкавых дываноў, майстар-клас па тэхніцы “канзашы”, дзіцячы пленэр “Кветкавая планета”, прэзентацыя буклета “Біяразнастайнасць Залескай сядзібы”.
Папярэднічаць фестывалю будуць семінар “Біяразнастайнасць расліннасці ў сядзібе Агінскага і аг. Залессе”, які адбудзецца ў сакавіку, акцыя па добраўпарадкаванні тэрыторыі музея-сядзібы і аг. Залессе, да Міжнароднага Дня помнікаў і гістарычных мясцін у красавіку, акцыя па добраўпарадкаванні памятных мясцін “Разам можам больш” – май.
Кветкавая тэма выбрана не выпадкова: у час жыцця М.К. Агінскага на тэрыторыі сядзібы расла вялікая колькасць розных кветак - толькі адных вяргінь налічвалі каля 60-ці відаў (маюцца архіўныя дакументы за 1821 г.), таму вельмі хочацца, каб не толькі музей “зіхацеў” вяргінямі, але і ўсё Залессе.
Пасля невялікіх выступленняў і абмеркавання асноўных пытанняў, усімі ўдзельнікамі круглага стала была прынята рэзалюцыя, якая зацвердзіла план далейшай працы па падрыхтоўцы фестывалю “Вяргіні да дня нараджэння Міхала”. Не абыходзіцца без музыкі ні адно мерапрыемства ў сядзібе і на гэты раз добры музычны настрой падаравала пастаянная ўдзельніца мерапрыемстваў музея Святлана Хмялькова з Мінска.
Добраўпарадкаванне тэрыторыі, у першую чаргу гістарычных памятных мясцін, вядзе да павышэння якасці жыцця, і гэта можна зрабіць праз сумесную дзейнасць кожнага жыхара аграгарадка Залессе, органаў улады, грамадскіх арганізацый.
Намеснік дырэктара музея-сядзібы Святлана Кенько
zalesse.by