Касцёл Святога Міхала Арханёла ў слаўным горадзе Смаргонь, што на Гродзеншчыне, не заўжды насіў гэта імя, таксама як і не заўжды быў касцёлам: у розныя часы тут размяшчаліся склад, магазін, выставачная зала... Але аб усім па чарзе.
Святыня была ўзведзена з камянёў на месцы былога драўлянага пратэстанцкага храма больш за 4 стагоддзі таму. Па адной з версiй, гэта магло быць зроблена ў 1552-1553 гг. па загаду Юрыя Зяновіча, па іншай – у 1611-1612 гг., яго сынам Крыштафам Зяновічам. Апошні варыянт лічыцца найбольш дакладным, бо звесткі аб гэтым захаваліся ў дакументах рознага часу. Напрыклад, ксёндз Ян Курчэўскі ў сваім нарысе 1907 года «Каталіцкі касцёл у Смаргоні» пісаў: «У 1611 годзе Крытаф Юр’евіч Зяновіч, ваявода брэсцкі, кальвініст, заснаваў у Смаргоні, над прудам, каменны кальвінскі збор». Сапраўды, першапачаткова ён будаваўся як кальвінскі, аб чым сведчыць форма пабудовы, але ў 1621 г., дзякуючы Сафіі Зяновіч, дачцы Крыштафа Зяновіча, якая была каталічкай, будынак збору быў перададзены пад касцёл і асвячоны ў гонар Святой Тройцы. Так храм пераўтварыўся ў Траецкі касцёл, які ў 1655 г. быў моцна пашкоджаны войскамі рускага цара Аляксея Міхайлавіча, які стварыў сабе падчас дарогі ў Вільню штаб-кватэру на Смаргоншчыне. Праца па яго аднаўленні, якую прыхаджане вялі сваімі сіламі і за асабістыя сродкі, цягнулася некалькі гадоў. Падчас гэтага працэсу храм набыў абараняльныя элементы: манументальную прыземістую вежу, з якой адкрываецца доступ да асноўнай пабудовы, і маленькую вежу з паўкруглымі вузкімі вокнамі-байніцамі. У інвентары Смаргоні ёсць такі запіс за 1689 год: «… па гэтай вуліцы (Дворнай) на вуглу з боку пруда ў дарогі знаходзіцца каменны касцёл Святой Тройцы з купалам, званарняй і могілкамі, абнесенымі сцяной з камянёў».
У 1858 г. будынак быў дапрацаваны: усталявалі агароджу вакол касцёла, якая захавалася да нашага часу, зладзілі вароты і ўпрыгожылі фрэскамі купал. Апісанне выгляду храма ў тыя часы стварыў Уладзіслаў Сыракомля: «Касцёл размешчаны над прыгожым прудам каля сядзібы памешчыкаў. Над ім высока ў неба ўзносіцца купалападобная вежа з казырком, на якой быў новы гадзіннік. Два круглых збудавання побач з галоўнай вежай робяць будынак падобным да ваеннага ўмацавання». Але панавалі там каталіцкія вернікі нядоўга: ужо ў 1866 г. (і аж да 1921 г.) касцёл быў перададзены праваслаўным. У гэты час ён ізноў перабудоўваецца: ліквідуецца касцёльнае аздабленне, забельваюцца фрэскі, усталёўваецца шатровы дах з макаўкай у рускім стылі – і перайменоўваецца ў Міхайлаўскую царкву.
Падчас Першай сусветнай вайны царква пацярпела, была часткова разбурана, і ў перыяд з 1921 па 1926 гады аднаўлялася ўжо як каталіцкі храм, купал якога распісаў вядомы беларускі мастак Пётр Сергіевіч. Але зноўку лёс павярнуўся так, што прыхаджане былі вымушаны пакінуць сцены святыні: у 1947 г. яе зачыняюць камуністычныя ўлады, а праз некаторы час прыстасоўваюць пад склады і краму. У 1970 г. па ініцыятыве мясцовай улады і Міністэрства культуры БССР будынак канчаткова і масштабна рэстаўруецца архітэктарамі Віктарам Сахно, Сяргеем Друшчыцам і Пятром Седляром і пасля аднаўлення аддаецца пад выставачную залу, дзе праходзілі музейныя экспазіцыі і выстаўляліся працы мясцовых мастакоў. У 1990 г. касцёл быў вернуты прыхаджанам і ў прасторнай зале храма зноў загучала малітва да Бога.
Сёння каталіцкая святыня Смаргоні носіць імя святога Міхала Арханёла і беражліва захоўвае памяць аб сваіх заснавальніках: пад касцёлам ёсць склеп, дзе пахаваны некалькі пакаленняў княскага роду Зяновічаў. Салеўіянскі араторый, што заснаваны пры касцёле, збірае цікаўных дзяцей і моладзь, якія ідуць па жыцці з верай. Там праходзяць катэхезы – заняцці па рэлігіі, ладзяцца вечарыны, спатканні, гульні, арганізуюцца паездкі да святынь і пілігрымкі, адным словам, жыццё б'е ключом.
Дарэчы, гісторыя араторыя таксама вельмі цікавая. Напрыканцы 80-х гг. мінулага стагоддзя ў Смаргонь прыехаў ксёндз Генрых Куляшэвіч, салезіянін. З яго з’яўленнем у горадзе пачалося распаўсюджванне веры сярод дзяцей і падлеткаў, але адзіным у той час месцам, дзе магла збірацца каталіцкая моладзь, быў падвал у касцёле. Менавіта там і пачаў квітнець салезіянскі араторый, які пазней стаў называцца Хрысціянскім адукацыйным цэнтрам імя Святога Яна Боско. У 1996 г. з мэтай паляпшэння ўмоў яднання каталіцкай моладзі парафіі быў перададзены новы будынак – цалкам адноўлены па праэкце Аляксандра Базевіча будынак дзіцячага кафэ «Казка», якое ў свой час было пабудавана на месцы былога раённага Дома культуры. Ён жа, у сваю чаргу, быў пабудаваны на ахвяраванні прыхаджан з цэглы, якая засталася ад разбуранага у годы Першай сусветнай вайны... так-так, касцёла тады яшчэ Святой Тройцы ў горадзе Смаргонь! Кажуць, там і дагэтуль захавалася некалькі цаглінак з даваенных часоў. 5 верасня 2004 г. адбылося адкрыццё новага моладзевага цэнтра – больш камфортнага, дзе ёсць усе ўмовы для стварэння сапраўднай вялікай каталіцкай сям'і, бо людзі, якія прыходзяць туды, заўжды кажуць, што адчуваюць сябе адным цэлым. Так араторый знайшоў сваё месца побач з сапраўднай каталіцкай святыняй.
Сёння касцёл імя Св. Міхала Арханёла ў Смаргоні – не толькі цэнтр духоўнага і культурнага развіцця гараджан, але і выбітны помнік архітэктуры эпохі Адраджэння, які ўяўляе сабой цікавасць з пункту гледжання пабудовы. Яго адметнасці: калісьці шматпавярховая, цяпер толькі двухузроўневая вежа, якая служыла абарончым элементам; замацаваныя ў сцены па асабліваму акустычнаму прынцыпу шматлікія нішы-галаснікі; сферычны купал, высока навісаючы над галоўнай залай; распісаны фрэскамі, пад якімі рэшты іншых фрэскаў хаваюць адбітак мінулага. Храм унесены ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Беларусі як аб'ект рэспубліканскага значэння, аб чым сведчыць шыльда, усталяваная перад уваходам. Гісторыя касцёла хавае ў сабе яшчэ шмат таямніц, пакідае пытанні, выклікае зацікаўленасць і жаданне ўвайсці ў храм, каб душа напоўнілася радасцю, што нясе ў сабе вера.
Касцёл Святога Міхала Арханёла. (Фота з архива "СШ").
Вераніка ПУПКЕВІЧ, студэнтка 4 курса Інстытута журналістыкі БДУ.