08 ноября 2018 г.
6 лістапада ў раённым Цэнтры культуры прайшло мерапрыемства, прымеркаванае да Дня Кастрычніцкай рэвалюцыі. З гэтым святам прадстаўнікоў прадпрыемстваў, арганізацый і ўстаноў павіншаваў старшыня раённага Савета дэпутатаў Іван Рамановіч. Ён, у прыватнасці, адзначыў, што Кастрычніцкая рэвалюцыя вызначыла ход сусветнай гісторыі, адкрыла новую эпоху ў развіцці чалавецтва і ажыццявіла такія асноватворныя прынцыпы, як права нацый на самавызначэнне, павагу да людзей працы, сацыяльную справядлівасць. Яна стварыла ўмовы для нацыянальнага развіцця многіх народаў, утварэння Савецкага Саюза, забяспечыўшы перамогу ў самай страшнай вайне з нямецка-фашысцкімі захопнікамі.
Са святам віншуе старшыня раённага Савета дэпутатаў Іван РАМАНОВІЧ.
Для Беларусі Кастрычніцкая рэвалюцыя прынесла нацыянальнае самавызначэнне і асабістую дзяржаўнасць. З падзеяй, якая адбылася 7 лістапада 1917 года, звязаны шматлікія перамогі, іншыя дасягненні нашага народа, якія і цяпер застаюцца прадметам нашай гордасці. Рэспубліка Беларусь упэўнена ідзе шляхам развіцця. Стваральная праца, імкненне да сацыяльнай справядлівасці, павага да гісторыі і традацый – галоўныя фактары кансалідацыі нашага беларускага грамадства.
Потым удзельнікі ўрачыстага мерапрыемства паглядзелі відэафільм аб Кастрычніцкай рэвалюцыі і падыскутавалі на тэму:
“Кастрычніцкая рэвалюцыя – галоўная падзея 20 стагоддзя ці трагічная памылка”.
Выступае старшыня раённай ветэранскай арганізацыі Уладзімір КАСАКОЎСКІ.
У дыскусіі ўдзельнічалі начальнік аддзела па ідэалагічнай рабоце і справах моладзі райвыканкама Ганна Джумкова, старшыня раённай ветэранскай арганізацыі Уладзімір Касакоўскі, настаўнікі гісторыі гарадскіх і сельскіх школ, іншыя знаўцы далёкага мінулага. Адзінай думкі не было, выказваліся розныя погляды на падзеі 100-гадовай даўнасці, калі ўладу ў свае рукі ўзяла партыя бальшавікоў.
Напрыканцы ўрачыстасці работнікі раённага Цэнтра культуры выканалі патрыятычныя песні савецкіх часоў, у тым ліку і на рэвалюцыйную тэматыку. Ім падпявалі гледачы – прадстаўнікі старэйшага пакалення, якія нарадзіліся і жылі ў Савецкім Саюзе.
Гледачы ўважліва слухаюць знаўцаў гісторыі.
У дыскусіі разам з мужчынамі ўдзельнічалі і жанчыны.
Патрыятычныя песні савецкіх часоў выконваюць работнікі культуры.
Спяваюць гледачы.
Юрый ЯНУШКЕВІЧ.
Фота аўтара.