03 мая 2017 г.
Маленькай дзяўчынкай Ганна любіла перабіраць спартыўныя медалі свайго дзядулі, паспяховага валейбаліста. “А ў мяне іх будзе больш,” – казала яна бацькам… Сёння ў смаргонскай дзюдаісткі, трохразовай чэмпіёнкі Беларусі па дзюдо, 14-гадовай Ганны Мацко 32 медалі. – Сем медалёў толькі па баскетболе, – удакладняе дзяўчынка. Аказалася, спачатку Ганна займалася баскетболам.
Пасля ў яе жыцці з’явілася дзюдо. Некаторы час спартсменка займалася адначасова двума відамі спорту. З трэніровак прыходзіла ў дзесяць вечара Аксана, мама Ані, прыгадвае, як не проста было дзяўчынцы: – Дачка прыходзіла са школы ў гадзіну, садзілася за ўрокі. Каля пяці ішла на баскетбол. Потым, не заходзячы дамоў, бегла на трэніроўку па дзюдо. Дадому прыходзіла каля дзесяці вечара. Дзяўчынка пачала стамляцца, з’явіўся галаўны боль. Трэба было выбіраць нешта адно. Прафесійнымі аргументамі дапамог трэнер па дзюдо Юры Гулецкі. Ён растлумачыў дзяўчынцы, што баскетбол – гэта камандны від спорту. І якой бы спартыўнай зоркай яна ні была, перамога не будзе залежаць толькі ад яе. А ў дзюдо поспех спартсмена залежыць выключна ад яго самога. Так дзяўчынка абрала дзюдо і ўжо пяць гадоў займаецца ў смаргонскім спартыўным комплексе. Чаму барацьба, а не больш звыклы дзявочы занятак: вышыванне ці пляценне з бісеру? Тут у мамы чэмпіёнкі адназначны адказ: на такія рэчы ў дзяўчынкі не хапіла б ні ўседлівасці, ні цярплівасці. З 25 медалёў па дзюдо найбольш дарагія для Ані тры залатыя, два сярэбраныя з юнацкіх спартакіяд Беларусі і бронза міжнароднага турніру “Кубак Віктара Юртава” ў Лідзе. За мяжой Аня выступала ў Эстоніі ў Тарту і адтуль таксама прывезла бронзавы медаль. Хто рызыкне пакрыўдзіць чэмпіёнку па дзюдо? Аня вучыцца ў смаргонскай школе №7. Аднакласнікі і настаўнікі ведаюць пра яе занятак. Многія цікавяцца, як Аня выступіла на чарговых спаборніцтвах. У класе дзяўчынку не крыўдзяць, але не таму, што баяцца “атрымаць”. Проста клас спакойны, кажа Аня. І ўвогуле за пяць год, па словах спартсменкі, не было выпадкаў, калі прыёмы дзюдо ёй прыйшлося прымяняць у паўсядзённым жыцці. Адзнакі ў школе пераконваюць, што дзюдо не перашкаджае Ані вучыцца. У дзённіку дзевяцікласніцы – “дзявяткі” і “дзясяткі”. А вось на нейкія іншыя захапленні часу не стае: вучоба і спорт забіраюць увесь. Каб “не выбівацца” са сваёй вагавой катэгорыі, за месяц да спаборніцтваў Аня садзіцца на дыету. За два-тры тыдні дзяўчынка адмаўляецца ад мучнога салодкага і смажанага. У яе рацыёне – толькі вараныя і абястлушчаныя прадукты. Штодзённа, часцей вечарам, у Ані прабежкі.
Па словах дзюдаісткі, не здавацца і перамагаць дапамагае падтрымка трэнера. Яму дзяўчынка ўдзячная за свае спартыўныя поспехі. Не малаважная і падтрымка блізкіх. З трэнерам Юрыем Гулецкім. Фота забяспечанае Аксанай Віткоўскай.З трэнерам Юрыем Гулецкім. Фота забяспечанае Аксанай Віткоўскай. А яшчэ тое, што Аня – валявая дзяўчынка, дадае мама. Калі падчас выступленняў і трэніровак з’яўляюцца нейкія цяжкасці ці невялікія траўмы, пра гэта амаль ніхто не ведае. Калі спаборніцтвы адбываюцца ў іншым горадзе, Аня заўсёды тэлефануе маме перад пачаткам барацьбы і пасля яе. Калі ж дачка спаборнічае ў Смаргоні, мама заўсёды прыходзіць падтрымаць яе. Аднак валявая дзяўчынка гэта не вельмі любіць. Нягледзячы на поспехі, звязаць будучую прафесію з дзюдо Аня не збіраецца. Але трэніравацца будзе працягваць. У сям’і гадуюцца тры спартсменкі Захапленне спортам у Ані ад дзядулі Віктара Мацко, лічыць Аксана. Кажа, што бацька ў маладыя гады паспяхова гуляў у валейбол. Са спаборніцтвамі аб’ездзіў шмат краін былога СССР. Зараз дзядулю 57 гадоў, але спартыўную форму мужчына не страціў. Часам яго запрашаюць гуляць у каманду за адзін са смаргонскіх заводаў. Добрыя спартыўныя здольнасці, па словах мамы, не толькі ў Ані. Сярэдняя Аксаніна дачка, другакласніца Алеся, у гарадскім спартыўным комплексе сур’ёзна займаецца баскетболам. І трэнер Валеры Юрчанка хваліць яе. Калекцыя ўзнагарод папаўняецца. . Самай меншай дачцэ, Анжаліцы, два гады. Здавалася б, у такім узросце ранавата праяўляць нейкія спартыўныя здольнасці. І ўсё ж адзначаюць, што дзяўчынка вельмі гнуткая.
– Калі падрасце, трэба на гімнастыку аддаваць, – кажа Аксана.
по материалам сайта :www.rh.by