Многія дзеці і бацькі дзяржаўнай установы адукацыі “Вучэбна-педагагічны комплекс Сыроваткінскі яслі-сад – сярэдняя школа” зрабілі свой выбар на карысць школьнага аздараўленчага лагера з дзённым знаходжаннем “Вясёлка”. Лагер працуе на базе ўстановы на працягу некалькіх гадоў і мае добрую рэпутацыю. Сёлета тут адпачываюць 35 падлеткаў.
У лагеры кожны мае магчымасць заняцца любімай справай, умацаваць сваё здароўе, праявіць самастойнасць, атрымаць новыя навыкі і веды, навучыцца зносінам, займець новых сяброў. Педагогі-выхавальнікі прыкладаюць максімум намаганняў, каб адцягнуць увагу дзяцей ад сядзення за камп’ютарам, ад гульняў у смартфоне. Дзеці ў лагеры займаюцца спортам, гуляюць у рухомыя гульні на свежым паветры, вучацца іграць на гітары і катацца на ролерах, праводзяць шматлікія квэсты, спаборніцтвы і конкурсы, арганізуюць акцыі. У лагеры працуюць вопытныя педагогі, энтузіясты сваёй справы: Г. Ю. Свірская, Л. Л. Раманоўская, Г. В. Міцюль, В. М. Лешчанка, Л. Б Беніцэвіч. Фізкультурна-аздараўленчыя мерапрыемствы праводзіць І. Э. Грыцкевіч. Гасцямі ў лагеры былі ўчастковы інспектар Д. І. Скробат і старшы інспектар МНС А. В. Ярмак.
Кожны дзень у лагеры мае сваю тэматыку. З поспехам прайшлі ўжо тэматычныя дні “Дзень забытых гульняў і забаў”, “Дзень краязнаўства”, “Дзень прававых ведаў”, “Дзень экалогіі”, “Дзень ТБ”, “Дзень здароўя”, “Дзень творчасці”. Кожны дзень дае сваіх пераможцаў і лідараў. Найбольш актыўнымі, арганізаванымі і дысцыплінаванымі з’яўляюцца выхаванцы Аляксандр Невяровіч, браты Пуховічы, Арцём Вайнілка, Арцём Ёч, Кірыл Коваль, Вераніка Тапуць, Вольга Шчасная, Сняжана Цікота і іншыя.
Цікавай формай арганізацыі адпачынку з’яўляюцца таксама тэматычныя пляцоўкі для гасцявання. Выхаванцы лагера “Вясёлка” пабывалі ўжо на культурна-забаўляльнай праграме “Добры дзень, дзяцінства!” пры СДК “Жодзішкі”, а таксама на спартыўна-забаўляльным свяце ў Вішнеўскай школе. А хутка будзем сустракаць новых сяброў у роднай школе.
Летам, бывае, бацькі трацяць кантроль за харчаваннем дзіцяці. Пакуль дарослыя знаходзяцца на рабоце, падлеткі перакусваюць чыпсамі, марожаным, запіваюць усё гэта газірованымі напіткамі. Карысці страўніку дзіцяці гэта не прынясе. Іншая справа – харчаванне ў лагеры. Малочныя стравы, гародніна і фрукты кожны дзень, паўнавартасныя сняданкі, абеды і нешта смачнае на полудзень. Смачна гатуе ежу повар В. І. Мішута.
Зразумела, што ад таго, наколькі добра дзіця адпачне, набярэцца сіл у час канікул, будзе залежыць яго працаздольнасць і паспяховасць у вучобе. У Сыраватках робіцца ўсё магчымае, каб дзеці адпачылі з карысцю, загартаваліся і акрэплі.
Яніна ПАШУК, дырэктар лагера “Вясёлка”.