13 мая ў рамках Міжнароднага фестывалю “VIVA РОВАР-2017” у Смаргоні прайшоў велакарнавал “З Колерам! З Гонарам! З Роварам!”
Удзельнікі велапрабегу сабраліся на галоўнай плошчы горада. Іх прывітаў намеснік старшыні райвыканкама Генадзь Бычко, які, дарэчы, у вольны ад працы час сам любіць пакруціць педалі і прыняў непасрэдны ўдзел у спартыўным мерапрыемстве. Ён адзначыў, што ў гэты дзень велафэст прайшоў ва ўсіх буйных гарадах і раённых цэнтрах Беларусі. А старшыня райвыканкама Генадзь Харужык пажадаў спадарожнага ветру ўдзельнікам велапрабегу.
Перад стартам усе, хто прыйшоў на велакарнавал, паглядзелі паказальныя выступленні мясцовых прадстаўнікоў маладзёжных субкультур – веласіпедыстаў і скейтбардыстаў.
Маршрут велапрабегу пралягаў ад плошчы Леніна па аднаіменнай вуліцы, аўтадарозе на Маладзечна, аб’язной дарозе. У горад калона з 85 чалавек вярталася па вуліцы Гагарына. У заездзе ўдзельнічалі прадстаўнікі прадпрыемстваў, арганізацый, прадпрымальнікі – людзі рознага ўзросту, якія не раўнадушныя да двухколавага транспартнага сродку.
Пасля фінішу быў праведзены розыгрыш прызоў сярод удзельнікаў велапрабегу. Самы галоўны прыз – веласіпед.
Спонсарамі велакарнавалу “З Колерам! З Гонарам! З Роварам!” сталі веламагазін “Веломир”, цэнтр фізкультурна-аздараўленчай работы, раённая грамадская арганізацыя “Белая Русь”, і раённы камітэт Беларускага рэспубліканскага саюза моладзі.
по материалам сайта:www.shliah.by