Обычная версия
Шрифт -
Шрифт +
Настройки по умолчанию

НОВОСТИ / АНОНС

25 ноября 2016 г.
Радавод князёў Агінскіх: Ізабэла Радзівіл – бабуля Міхала Клеафаса

Падчас знаходжання ў палацы М. К. Агінскага перасоўнай фотавыставы, прысвечанай гісторыі Нясвіжскага замка, захацелася прааналізаваць сувязі княжацкіх родаў Агінскіх і Радзівілаў. Марыянна Радзівіл. Зрабіць гэта найбольш наглядна атрымліваецца на прыкладзе шлюбу дзеда Міхала Клеафаса – Тадэвуша Агінскага (1712-1783) і Ізабэлы Радзівіл (1711-1761), таму што аб падзеях іх жыцця захавалася некалькі гістарычных дакументаў. Апрача шлюбу Тадэвуша і Ізабэлы іншыя прадстаўнікі роду Агінскіх яшчэ толькі адзін раз звязвалі сябе вузамі шлюбу з Радзівіламі, і было гэта ў канцы ХVІІІ ст. А паколькі звестак пра гэты шлюб вельмі мала, то хочацца расказаць у першую чаргу пра шлюб дзядулі і бабулі Міхала Клеафаса, каб падмацаваць яго словы, што ён адчуваў сябе больш ліцвінам, чым палякам. Бо ў жылах Міхала Клеафаса цякла не толькі кроў князёў кіеўскіх (па бацькавых продках), нямецкіх графаў (па маці), але і кроў карэнных жыхароў ВКЛ – князёў Радзівілаў. Ізабэла з Радзівілаў Агінская, бабка Міхала Клеафаса Агінскага, была дачкой Міхала Антонія Радзівіла (1687-1721), крайчага Вялікага Княства Літоўскага і Марыянны з Сясіцкіх (?-1736), дачкі ваяводы Мсціслаўскага. (*крайчы ВКЛ – прыдворная пасада ў ВКЛ, створаная ў 1569 г. на ўзор пасады вялікага кароннага крайчага Рэчы Паспалітай. Да яго абавязкаў належала наразаць (кроіць) і каштаваць стравы падчас прыёмаў у вялікага князя. Пазней гэтая пасада ператварылася ў ганаровы прыдворны тытул). Бацька Ізабэлы рана памёр, а маці Марыянна Радзівіл, будучы ў гэты час цяжарнай і нарадзіўшы пасля смерці мужа сына Льва Мікалая (1722-1751), больш так і не выйшла замуж, прысвяціўшы сябе выхаванню дзяцей. Яна пражыла ўдавой 17 гадоў, хаця была яшчэ маладая, прыгожая, багатая і мела цэлы шэраг прэтэндэнтаў на руку. У сваім дзённіку Міхал Казімір Рыбанька адгукаецца аб ёй як аб жанчыне рэдкіх душэўных якасцей, сумленнай, справядлівай, набожнай, якая вельмі любіла сваіх дзяцей і шмат зрабіла для іх дабрабыту. Марыянна Радзівіл памерла, захварэўшы дызентэрыяй, калі ехала са сваіх літоўскіх уладанняў у польскі маёнтак Шыдловец. У запавеце яна прызначыла апекунамі дзяцей князя Міхала Казіміра Рыбаньку і яго жонку, якія забралі Ізабэлу і Льва да сябе ў Нясвіж. Ізабэла, якая вельмі любіла маці, шмат плакала і доўга заставалася несуцешнай. Пахаванне княгіні Марыянны Радзівіл адбылося ў канцы кастрычніка 1736 г. у сямейнай усыпальніцы Радзівілаў у Нясвіжы. Заручыны Ізабэлы Радзівіл з Тадэвушам Агінскім і іх вяселле даволі падрабязна апісваюць два аўтары: князь Міхал Казімір Радзівіл Рыбанька ў дзённіку “Дыярыюшы” і польскі гісторык пачатку ХХ ст. Казімір Барташэвіч у даследаванні “Тадэвуш Агінскі і яго дзённік”. Заручыны маладой пары адбыліся 27 лютага 1737 г. у Лахве, маёнтку князя Міхала Казіміра, у той час літоўскага палявога гетмана. На заручынах прысутнічаў цесць Рыбанькі вялікі літоўскі гетман Міхал Вішнявецкі з жонкай. Пасля заручын адбылося вялікае паляванне. Міхал Казімір Радзівіл Рыбанька. Вяселле Ізабэлы Радзівіл і Тадэвуша Агінскага, у той момант старасты Пшавальскага і вялікага літоўскага пісара, павінна было адбыцца яшчэ 16 мая 1736 г., але было адкладзена па прычыне нейкай цяжкай і небяспечнай хваробы жаніха. Канчаткова шлюбнае пытанне вырашылася ў жніўні наступнага года. У Карэлічы, дзе ў той час знаходзілася ўся сям’я князя Рыбанькі, прыехаў Тадэвуш Агінскі і дзядзька маладой, Навагрудскі ваявода Міхал Фаўстын Радзівіл (1688-1746), для складання шлюбнай дамовы. Праз тры дні дамова была складзена і падпісана, а вяселле прызначылі на 2 верасня 1737 г. На час жаніцьбы Тадэвуш Францішак Агінскі валодаў маёнткам Вымна недалёка ад Віцебска і быў старастам Пшавальскім. На дзяржаўнай службе ён выконваў абавязкі вялікага літоўскага пісара. Да гэтага ў 1733 г. ён крыху паваяваў на ўнутранай вайне паміж Станіславам Ляшчынскім і будучым каралём Аўгустам ІІІ, якая закончылася перамогай Аўгуста. І ўжо ў 1736 г. Т. Агінскі быў дэпутатам на “прымірэнчым” сейме Рэчы Паспалітай, які атрымаў гэтую назву ў сувязі з прымірэннем палітычных праціўнікаў пасля ўступлення на трон новага караля. Марцыян Міхал, бацька 11 дзяцей, які сам не мог даць сыну дастаткова моцны матэрыяльны фундамент, вельмі раіў сыну Тадэвушу ажаніцца з Ізабэлай, якая мела абшырны зямельны пасаг пад Вількамірам у Курляндыі. Да таго ж парадніцца з Радзівіламі было ганарова нават для Агінскіх, якія выводзіліся ад князёў Кіеўскіх, бо Радзівілы былі найбольш значным і ўплывовым родам ВКЛ. Гэты шлюб аказаўся надзвычай удалым. Вяселле ладзілася ў Карэлічах. Яно суправаджалася салютам з ручной зброі і стрэламі з некалькіх пушак. На вясельнай вячэры прысутнічалі 75 чалавек, якія прамаўлялі тосты і здравіцы ў гонар маладых. Усё гэта таксама суправаджалася салютам. Вячэра закончылася вялікім балем. Тадэвуш Агінскі зрабіў сваёй сямейнай рэзідэнцыяй маёнтак Тадулін пад Віцебскам. Тут 13 красавіка 1740 г. нарадзіўся сын Тадэвуша Анджэй Ёфхім Ёзафат, будучы бацька Міхала Клеафаса Агінскага. Імя Анджэй ён атрымаў у гонар блаславёнага Анджэя Баболі, мучаніка часоў казацкіх войнаў. Пышныя хрэсьбіны сыну Тадэвуш Агінскі справіў толькі ў студзені 1741 г. На гэты абрад ён запрасіў мноства гасцей – забавы цягнуліся ажно чатыры дні. У гэты час Тадэвуш пісаўся старастам Бабінавіцкім, Вайгоўскім, Пшавальскім. Да пасады вялікага пісара літоўскага ён далучыў і тытул палкоўніка Яго Каралеўскай Мосці. 2 мая 1740 г. адбыўся ўрачысты ўезд Тадэвуша Агінскага на стараства Ашмянскае. У гэтым акце яго суправаджала жонка Ізабэла. Тадэвуш склаў прысягу перад ашмянскім земскім суддзёй Барановічам і атрымаў чарговы вянок узнёслых пане-гірыкаў ад ксяндзоў-піяраў. Гісторык Казімір Барташэвіч прыводзіць іх змест: аўтары хвалілі Радзівілаў і бацьку княгіні Ізабэлы, сцвярджаючы, што крайчы Міхал Антоні “славай сваіх спраў напоўніў усю еўрапейскую зямлю; сеймы цяклі нектарам яго слоў, а законы называлі яго сваёй апорай”, хвалілі цноты маці, а пра саму Ізабэлу казалі, што ў параўнанні з яе прыгажосцю “Гэлена грэчаская была б нічым”, “Апалон дзівіўся б яе асобе”. Ізабэла.jpg У 1740 г. Тадэвуш быў дэпутатам ад Ашмянскага павету на чарговым варшаўскім сейме, у 1742 – узнагароджаны ордэнам Белага Арла, які быў яму ўручаны ў дзень імянін караля. На гродзенскім сейме1744 г. Тадэвуша Агінскага выбралі маршалкам сейма. Адначасова гэта было апошняе дэпутацтва Агінскага ад Віцебскага ваяводства, бо ён у гэты час стаў кашталянам Трокскім, а значыць і сенатарам Рэчы Паспалітай. Прасоўванне Тадэвуша ў кар’еры тлумачыцца тым, што ў гэты час памёр яго сваяк і дабрадзей Міхал Карыбут Вішнявецкі, які быў сенатарам, і старэйшыя сенатары прасунуліся на больш высокія крэслы, у выніку чаго вызвалілася пасада кашталяна Трокскага. Зямельныя ўладанні Тадэвуша Агінскага ўвесь час павялічваліся: апрача Тадуліна, ён ужо валодаў Маладзечнам, Ізабелінам, Аборкам, Лучаем, Ганутай, Залессем (Залессем адарыла яго апошняя жонка бацькі, Тэкля з Лярскіх, а Лучай атрымаў ад родзічкі Эльжбеты Пузыны, дачкі Рыгора Агінскага). Пасля смерці яго бацькі ў 1750 г. ён атрымаў маёнткі Веляшковічы і Сідараўшчыну. У 1757 г. Тадэвуш Агінскі перадаў свайму старэйшаму сыну Анджэю пасаду старасты Ашмянскага, а малодшаму, Францішку Ксаверыю, - старасты Пшавальскага. У наступным годзе на Тадэвуша Агінскага калегі налягалі ў Вільні, каб ён прыняў жэзл маршалка Літоўскага Трыбуналу, але ён заявіў, што недастаткова багаты.Пасяліўшыся ў Тадуліне, Тадэвуш і Ізабэла пабудавалі тут царкву і базыльянскі кляштар. Агінскі будаваў і больш: у 1757 г. ён распачаў будаўніцтва драўлянага парафіяльнага касцёла ў Маладзечне, куды вырашыў перанесці і сваю рэзідэнцыю, для чаго купіў і адрамантаваў велічны абаронны замак князёў Збаражскіх (які быў разбураны падчас Першай сусветнай вайны). Хутка пасля перасялення ў Маладзечна Т. Агінскі пабудаваў тут кляштар айцоў трынітарыяў. Рэшткі кляштара захаваліся ў Маладзечне да сённяшняга дня, а ад замка Збаражскіх-Агінскіх не засталося і следу на шырокім замчышчы на ўскраіне горада. Ізабэла Агінская не дачакалася прыбыцця манахаў у новазбудаваны кляштар, бо памерла ў Маладзечне 7 лістапада 1761 г. Апісанне ўрачыстага пахавання падавалася на двух аркушах у “Дадатку” да варшаўскіх газет. У віленскай друкарні “SocietatusJesu” выйшла без подпісу кніжачка “Жаль пры пахаванні Яснавяльможнай княгіні Ізабэлы Агінскай”, а ксёндз Казімір Букаты апублікаваў сваё казанне, зачытанае на яе пахаванні. На пахаванні быў старэйшы сын Анджэй, у той час стараста Ашмянскі, малодшага сына не было. Цела Ізабэлы Агінскай з Радзівілаў было пахавана ў сямейным малільным склепе Агінскіх у падзямеллях касцёла трынітарыяў. Тадэвушу Агінскаму давялося перажыць сваю жонку на 22 гады. Праз два гады пасля смерці жонкі ён ажаніўся з удавой старасты Рэтаўскага Ядзвігай Залускай, разам з якой пабудаваў яшчэ не адзін храм і аднавіў капліцу Агінскіх у віленскім касцёле Святых Янаў, дзе ён і спачыў у 1783 г., паспеўшы адзначыцца на пасадах ваяводы Трокскага, кансіліяра і сеймавага суддзі, што давала падставу сучаснікам называць яго “дэканам Сенату”

по материалам сайта :ww.shliah.by



Вернуться в раздел НОВОСТИ / АНОНС

Государственный флаг Республики Беларусь

Выборы президента Республики Беларусь 2025 года

2024 – Год качества

Сморгонский районный исполнительный комитет

Места памяти, которые должен посетить каждый

ЗДОРОВЫЙ ОБРАЗ ЖИЗНИ

-

Сморгонь туристическая

ФОК Сморгонь

-

VETLIVA

Туристический портал о Беларуси

Мой город

Открой свой город в смартфоне

Календарь событий на 2024 г

Топ-5 региона

Газета

grodnovisafree

Защита прав потребителей

Портал рейтинговой оценки

Контакты

8 (01592) 4-20-81
sport@foksmorgon.by

г. Сморгонь, ул. П. Балыша, 4а
Открыть контакты

Молодежь Беларуси

ТУРИЗМ МИНИСТЕРСТВО СПОРТА И ТУРИЗМА РЕСПУБЛИКИ БЕЛАРУСЬ НАЦИОНАЛЬНЫЙ ТУРИСТИЧЕСКИЙ ПОРТАЛ БЕЛАРУСИ НАЦИОНАЛЬНОЕ АГЕНСТВО ПО ТУРИЗМУ ...
Открыть раздел ТУРИЗМ
Отдел спорта и туризма Сморгонского райисполкома Адрес : 231042, Гродненская область, г. Сморгонь, ул. П. Балыша, 4а. E-mail: sport@foksmorgon.by Начальник: 8 -01592-41840 Приемная:...
Открыть раздел КОНТАКТЫ
ИНСТРУКЦИЯ РЕГИСТРАЦИИ ИНОСТРАННЫХ ГРАЖДАНАдминистративная процедура по регистрации иностранных граждан и лиц без гражданства, временно пребывающих в Республике Беларусь (далее – иностранцы), осуществляется в...
Открыть раздел ИНСТРУКЦИЯ РЕГИСТРАЦИИ ИНОСТРАННЫХ ГРАЖДАН
БЕЛАРУСКІ ПРАФЕСІЙНЫ САЮЗ РАБОТНІКАЎ КУЛЬТУРЫ, ІНФАРМАЦЫІ, СПОРТУ І ТУРЫЗМУ ГРОДЗЕНСКАЯ АБЛАСНАЯ АРГАНІЗАЦЫЯ вул.Савецкая,4-27 , 230023, г....
Открыть раздел ПРОФСОЮЗ
Сайт МАЛАХОВСКИЙ Максим Владимирович Начальник Управления спорта и туризма Гродненского областного исполнительного комитета Родился 21.08.1980 в г. Могилев Образование высшее....
Открыть раздел Управление спорта и туризма Гродненского облисполкома
Сайт Ковальчук Сергей Михайлович Министр спорта и туризма Республики Беларусь Приемная: Главный специалист - Сафонова Жанна Геннадьевна т....
Открыть раздел Министерство спорта и туризма Республики Беларусь
The LineAct Platform