Пра цуд чалавечага жыцця, духоўныя каштоўнасці і пра тое, як мяняліся адносіны ў грамадстве да штучнага перапынення цяжарнасці расказваюць стэнды і экспанаты выставы. У экспазіцыі прадстаўлены фотаздымкі і медыцынскія інструменты, якія сведчуць пра антыгуманнасць і бесчалавечнасц. Ігар Зінчанка і свяшчэннік Аляксандр Грак, як актывісты праваслаўнага цэнтра абароны жыцця, праводзяць гутаркі са школьнікамі, імкнучыся пераканаць маладых людзей ў адказным стаўленні да сваіх паводзінаў, да прадаўжэння жыцця. Кіраўнік праваслаўнага цэнтра ў абарону жыцця і сямейных каштоўнасцяў Навагрудскай епархіі Пётр Ткачэнка па спецыяльнасці ўрач-тэрапеўт. Пэўны час ён працаваў дыягностам ультрагукавога даследавання. Яго аўтарытэтныя і пераканаўчыя выказванні паспрыялі таму, што многія жанчыны перадумалі перарываць цяжарнасць і нарадзілі здаровых і паўнацэнных дзетак. Хоць гэта невялікая, але перамога ў змаганні за жыццё, бо сёння статыстыка даволі несуцяшальная: напрыклад, у Слоніме, адкуль прыехала выстава, у год здзяйсняецца каля 1,5 тысяч абортаў. Энтузіясты руху праводзяць гутаркі ў жанчых кансультацыях і паліклініках, ладзяць акцыі і фэсты ў Дзень маці і напярэдадні Дня абароны дзіцяці.
Ала СТРАШЫНСКАЯ.
Фота аўтара.