Адкрыццё новага турыстычнага аб’екта ў Залессі стала нагодай для інтэрв’ю з начальнікам аддзела культуры райвыканкама Таццянай Ражэвай.
- Узнаўленне стайні для нас – вельмі важны крок, - адзначыла ў размове Таццяна Мар’янаўна. – Калі музей адчыніўся і пачаў прымаць турыстаў, мы звярнулі ўвагу на тое, што музей паказвае жыццё сядзібы Агінскага аднабока. Турысты бачаць парадныя пакоі, інтэр’ер палаца, ім расказваюць пра сям’ю вядомага палітычнага дзеяча і кампазітара. Але ж сядзіба ў часы Агінскага была гаспадарчым маёмасным комплексам, які прыносіў пэўны прыбытак. Тут былі палі, пасадкі. Зразумела, быў і гаспадарчы двор з коньмі, якія выкарыстоўваліся як для работы, так і для прагулак.
Наогул цяжка ўявіць нейкі княжацкі род без коней, карэты і стайні. Любімай забавай гаспадара і гасцей сядзібы Агінскага былі конныя прагулкі. Тэрыторыя сядзібы ў той час была нашмат большая, чым цяпер.
- Таму з’явілася ідэя заняцца ўзнаўленнем памяшкання старой стайні?
- Так! Тым больш гэта памяшканне - адзіная гаспадарчая пабудова, якая ў першапачатковым выглядзе дайшла да нас з часоў Агінскага. Млын быў рэканструяваны ў 1990-я гады, калі пачаўся першы этап рэстаўрацыі сядзібы.
І стайню нам захацелася зберагчы. Тым больш мы бачылі, што памяшканне хуткімі тэмпамі разбураецца, прыйшоў у непрыдатнасць дах, трэба было тэрмінова стайню ратаваць. Першае фінансаванне на яе ўзнаўленне – спонсарская дапамога Банка развіцця РБ. За гэтыя грошы быў зроблены праект і распачаліся работы. Потым фінансаванне спынілася, і пачаліся пошукі іншых крыніц фінансавання для далейшых работ. Мы ўдзячны Фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы культуры і мастацтва, які выдзеліў грант на правядзенне рэстаўрацыйнай часткі работ. Значная сума была накіравана з раённага бюджэту. Грошы (пазабюджэтныя сродкі) на карэкціроўку праектнай дакументацыі, на будаўнічыя работы выдзяляў таксама сам музей-сядзіб. Гэта адзін з нямногіх выпадкаў, калі музейная ўстанова патраціла свае грошы на правядзенне рэстаўрацыйных работ.
- Колькі часу патрацілі на аднаўленне аб’екта? З якімі цяжкасцямі давялося сутыкнуцца?
- Аднаўляўся аб’ект агульнымі намаганнямі на працягу шасці гадоў. Двойчы карэктавалася праекта-каштарысная дакументацыя. Для таго, каб выратаваць пабудову, давялося адну сцяну поўнасцю перакласці. Кожны камень быў пранумараваны, складзены вопіс, а пасля камяні былі сабраны ў тым жа парадку, як і раней. Адна са сцен засталася ў першапачатковым выглядзе. Унутры стайні пакінулі рэпліку гістарычнай кладкі, каб людзі маглі яе ўбачыць, стайня была зроблена з чырвонай цэглы. Дах накрылі гонтам. Спадзяюся, ужо ў бліжэйшы час стайня будзе заселена коньмі.
Жартам яе называю “Гатэль “Хілтан” для коней”, таму што там для жывёлы створаны цудоўныя ўмовы. Новы турыстычны аб’ект дапоўнены экспазіцыяй, якая звязана з тэмай коней. Яна будзе развівацца, бо для нас гэта тэма вельмі цікавая.
- Наколькі нам вядома, музей-сядзіба ў Залессі – адна з нямногіх музейных устаноў Беларусі, якая займаецца такой тэмай як коні…
- Прызнацца, я не ведаю, у якім музеі рэспублікі можна пакатацца на конях (цяпер тут жывуць тры вялікія коні і адзін поні). І гэта таксама прыцягвае ўвагу турыстаў, бо адна справа прагуляцца па ваколіцах сядзібы пешшу, іншая – на конях. Такая прагулка дае магчымасць пагрузіцца ў атмасферу 19 стагоддзя.
Спадзяюся, што работы па добраўпарадкаванні музея-сядзібы будуць прадаўжацца. У планах – аднавіць млын. Работы ў гэтым кірунку таксама чакаецца шмат. А пакуль мы радуемся, што ўдалося завяршыць чарговы этап жыцця сядзібы. Жадаю калектыву поспехаў, а турыстам – цудоўных уражанняў.