У межах рэспубліканскага суботніка прайшла акцыя па ачыстцы рэчкі Крэўлянкі, якая працякае ля сцен Крэўскага замка. Рэчышча ракі на вачах ачышчалася ад смецця і паваленых дрэў. Цяпер турысты змогуць спакойна гуляць па дарозе да Юравай гары, галоўнай агляднай кропкі Крэва, любуючыся мясцовым ландшафтам і абрысамі старажытнай крэпасці.
Як адзначыла начальнік аддзела культуры Смаргонскага райвыканкама Таццяна Ражэва, у справе захавання і папулярызацыі гістарычных аб’ектаў - важная сумесная праца дзяржаўных органаў, краязнаўцаў, валанцёраў, прадстаўнікоў прыватнага бізнесу. Толькі разам, па старадаўняй беларускай традыцыі, “талакой”, можна дасягнуць добрага выніку.
Гэта акцыя – першая ў шэрагу мерапрыемстваў па добраўпарадкаванні гістарычнага мястэчка, якія запланаваны на сёлетні год. У працяг актыўнасці стартуе праект KREVA прыклад дзяржаўна-прыватнага супрацоўніцтва. Яго каманда вырашыла стварыць інтэграваную сістэму, якая ўключае ў сабе як візуальную частку: знакі, інфастэнды, лакацыі, малыя архітэктурныя формы на мясцовасці, так і мабільнае прыкладанне, якое стварае дапоўненую рэальнасць і дазваляе турысту выбраць найлепшы фармат адпачынку.
Каардынатар праекта KREVA Аляксандр Варыкіш упэўнены: “Крэва мае велічэзны патэнцыял. Мы імкнёмся да таго, каб цэнтр тысячагадовага рэгіёну з багатай гісторыяй і культурай стаў, кажучы па-моднаму, турыстычным хабам, што аб’яднае розныя аб’екты, маршруты, сэрвісы, якія дапамогуць раскрыць шматгранную гісторыю краю”.
Галіна АНТОНАВА.
Фота аўтара.