11 верасня ў 17 гадзін на цэнтральнай плошчы Смаргоні выступіў з канцэртам перад шматлікімі гледачамі Ніжагародскі Губернскі аркестр.
Ён быў створаны ў 1998 годзе і належыць да найбольш аўтарытэтных музычных калектываў Расіі. Дырэктарам і мастацкім кіраўніком аркестра з’яўляецца Яўген Пятроў, заслужаны артыст Расійскай Федэрацыі, загадчык кафедры, прафесар.
Ніжагародскі Губернскі аркестр выступаў на шматлікіх сусветных пляцоўках, лаўрэат многіх конкурсаў, уладальнік прэстыжных музычных прэмій, у тым ліку Гран-пры усерасійскіх і міжнародных фестываляў-конкурсаў.
Музычны калектыў з Ніжняга Ноўгарада запрасілі ў Беларусь на ўрачыстасці з нагоды 1000-годдзя г. Брэста. Аркестр пабываў яшчэ ў некалькіх беларускіх гарадах. Як адзначыў яго кіраўнік Яўген Пятроў, расійскіх музыкантаў уразілі чысціня і парадак ў нашых населеных пунктах.
Паколькі Смаргонь з’яўляецца пабрацімам г. Арзамаса Ніжагародскай вобласці, то расійскі музычны калектыў з задавальненнем прыехаў у наш горад і выступіў з канцэртам, павіншаваў смаргонцаў з 75-годдзем з дня ўтварэння Гродзенскай вобласці.
Ніжагародскі губернскі аркестр прывіталі ў Смаргоні старшыня райвыканкама Генадзь Харужык, яго намеснік Таццяна Шчэберака і старшыня раённага Савета дэпутатаў Сяргей Кудзеньчук. Прысутнічаў таксама мэр горада Вісагінаса Літоўскай Рэспублікі Эрландас Галагуз, які знаходзіцца ў нашым горадзе з афіцыйным візітам.
Юрый ЯНУШКЕВІЧ.
Фота аўтара.