У тыя часы суседняе з нашай дзяржавай Польскае каралеўства (карона) перажывала вельмі цяжкі перыяд сваёй гісторыі. Краіна засталася без манарха, а каралеве Ядвізе было ўсяго трынаццаць гадоў. Польшчы пагражала заваёва крыжакамі і страта незалежнасці. Аб гістарычных падзеях узгадвае партал Catholic.by.
У такіх умовах шмат хто з буйных польскіх феадалаў бачыў выйсце ў альянсе сваёй дзяржавы з Вялікім Княствам Літоўскім.
Акрамя таго, гэты саюз забяспечыў палякам мір на межах з Княствам, войска якога толькі за адзін пераможны паход 1376 г. вывела з Польшчы 23 тысячы палонных.
Акт Крэўскай уніі 1385 года. Фота spuscizna.org
Паводле акта уніі, падпісанай 14 жніўня 1385 г. у Крэўскім замку, Ягайла атрымаў права ажаніцца з польскай каралевай Ядвігай і стаць каралём Польшчы.
Дзеля гэтага ён абавязваўся прыняць хрысціянства і ахрысціць сваіх братоў, сваякоў ды іншых падданых, якія да гэтага часу вызнавалі паганства.
Ён таксама абяцаў вызваліць усіх палонных польскіх хрысціянаў.
Хрост Літвы. Мастак Уладзіслаў ЦЯСЕЛЬСКІ
У наступным, 1386 годзе Ягайла хрысціўся ў Кракаве паводле рыма-каталіцкага абраду, узяў шлюб з Ядвігаю і быў каранаваны пад імем Уладзіслава II, паклаўшы пачатак каралеўскай дынастыі Ягайлавічаў (па-польску Ягелонаў).
Яшчэ праз год у каталіцтва было ахрышчанае паганскае насельніцтва Вялікага Княства.
Ягайла выдаў прывілей, які даваў шляхце (баярству) дадатковыя вольнасці і правы пры ўмове прыняцця каталіцкай веры.
Такім чынам, заключаны ў Крэве дынастычны саюз паспрыяў таму, што на нашыя землі канчаткова прыйшло хрысціянства.
Касцёл Перамянення пана ў Крэве. Фота Уладзімір ТКАЧЭНКА