Першая сусветная вайна прайшлася па Смаргоні імклівым разбуральным ураганам. Наш горад стаў тым месцам, дзе наступленне германскіх войскаў нарэшце ўдалося спыніць. Аж на 810 дзён. Руская армія то адступала са Смаргоні, то зноў адбівала населены пункт.
Самыя жорсткія баі прыйшліся на Смаргонь: аднойчы нават давялося заключыць аднадзённае перамір’е, каб забраць з поля бою параненых і пахаваць забітых (а іх толькі пасля першай штыкавой атакі налічылі дзевяць тысяч з абодвух бакоў).
Мірнае насельніцтва масава эвакуіравалася, будынкі разбураліся. Затое вакол горада павуцінкай распаўзаліся акопы, вырасталі абарончыя ўмацаванні. Яны і цяпер нагадваюць пра тое, што менавіта тут праходзіла лінія фронту. Гэта сумная спадчына, але і гераічная ў той жа час. Гэта старонка гісторыі, якой ганарацца смаргонцы і якая выклікае цікавасць у гасцей.
Праз увесь горад пралёг турыстычны маршрут “Сцяжынай вайны”. Пра найбольш значныя аб’екты раскажам вам сёння.
“Трафеі” Першай сусветнай у музеі
Госці Смаргоні, якія цікавяцца гісторыяй Першай сусветнай вайны, не мінаюць прыпынку на маршруце “Сцяжынай вайны” – краязнаўчага музея. Тут працуе пастаянная экспазіцыя, прысвечаная тагачасным падзеям. Можна даведацца, як прахо-дзіла эвакуацыя бежанцаў, чым так знакаміты жаночы батальён пад кіраўніцтвам Марыі Бачкаровай. Экскурсаводы з задавальненнем раскажуць пра подзвіг экіпажа “Ільі Мурамца” і іншых знакамітых людзей, якія ваявалі на нашай зямлі.
У экспазіцыі ёсць сапраўды каштоўныя экспанаты: каробка з таблеткамі сухога спірту, ваенная фляга для вады, нямецкая эмблема з галаўнога ўбора. На сценах – копіі ваенных фотаздымкаў і дакументаў (арыгіналы захоўваюцца ў архіве). Нязменную цікавасць выклікае дыярама “Мёртвы горад”.
Да міжнароднай канферэнцыі, прысвечанай 100-годдзю заканчэння Першай сусветнай вайны, музей падрыхтаваў цікавы падарунак: уласную калекцыю фатаграфій і дакументаў прадставіць Уладзімір Багданаў. Фотаархіў, які застаўся пасля Першай сусветнай, у асноўным належаў нямецкім салдатам. Калекцыянер адшуквае і купляе гэтыя здымкі па ўсім свеце. Многія фатаграфіі і дакументы маюць непасрэднае дачыненне да Смаргоншчыны.
Віялета ВОЙТКА.
Фота аўтара.
Вёска Хадакі. Пазіцыі рускай арміі
Вёска Хадакі знаходзіцца ў кіламетры на поўдзень ад Смаргоні, з заходняга боку ад дарогі на Крэва. Паводле гістарычных крыніц, тут праходзілі перадавыя нямецкія пазіцыі.
На палях, у лясах і каля самой вёскі, уздоўж дарогі, і цяпер захаваліся бетонныя доты і сляды траншэй. Ацалелыя ўмацаванні маюць розную форму і прызначэнне, часцей сустракаюцца чыста «баявыя» збудаванні з байніцамі, кулямётнымі гнёздамі і г. д. Некаторыя, найбольш трывалыя з іх, мясцовыя жыхары прыстасавалі пад свае патрэбы.
Паводле інфармацыі, прадстаўленай Смаргонскім музеем, паблізу вёскі Хадакі з боку рускіх пазіцый з восені 1915 года пазменна стаялі палкі Першай гвардзейскай пяхотнай дывізіі, а менавіта: Ізмайлаўскі, Сямёнаўскі, Праабражэнскі і Егерскі лейб-гвардыі палкі.
З канца кастрычніка 1915 года па ліпень 1916 года тут таксама пазменна стаялі 253-ці пяхотны Перакопскі полк, 254-ты пяхотны Мікалаеўскі полк, 255-ты пяхотны Аккерманскі полк і 256-ты пяхотны Елісаветградскі полк. Затым з ліпеня 1916 года па восень 1917 года - палкі Першай каўказскай грэнадзёрскай дывізіі: Ерэванскі 13-ты лейб-гвардыі полк, Грузінскі 14-ты, Тыфліскі 15-ты і Мінгрэльскі 16-ты грэнадзёрскія палкі.
Раканструкцыя боя каля в. Хадакі.
Ацалелы дот прыцягвае ўвагу падарожных.
Сяргей ЮРЭВІЧ.
Фота аўтара.
Вышыня коштам у тысячы жыццяў
“Залатая горка” сярод смаргонцаў - месца вядомае. Менавіта тут адбыўся бадай самы вядомы эпізод падземнай вайны. Больш як паўгода доўжыліся баі за гэты стратэгічны аб’ект вышынёю амаль восемдзесят метраў. Чаму стратэгічны? Немцам, якія заселі на вяршыні, рускія пазіцыі былі бачны, як на далоні. Яны без больш-менш значных перашкод абстрэльвалі акопы абаронцаў Смаргоні. У такіх умовах шанцаў на поспех у нашых не было. Заставалася спадзявацца на спрадвечную народную кемлівасць.
Амаль месяц спатрэбіўся рускім на падрыхтоўку да вялікага падрыву. За гэты час салдаты выкапалі вялізны падземны праход. Мяшкі з зямлёю перадавалі па канвееру з тысячы чалавек, ссыпалі і маскіравалі ў тыле сваіх пазіцый. Па другім канвееры з лесу таемна дастаўлялі бярвенні, каб умацаваць ход. Пасля туды залажылі два вагоны ўзрыўчаткі. Выбух адбыўся ў чэрвені 1916 года. На яго месцы засталіся тры варонкі, дарэчы, самыя вялікія ў Беларусі. Праз некалькі месяцаў, у верасні, каля “Залатой горкі” рускія войскі ўпершыню прымянілі газ.
Некалькі гадоў таму сіламі грамадскага аб’яднання “Смаргонь франтавая” варонкі былі расчышчаны. Устаноўлены крыжы на памяць аб ахвярах кровапралітных баёў.
Віялета ВОЙТКА.