У апошнююсуботу зімы ў сядзібе Агінскага прайшлалітаратурна-гістарычная гасцёўня пад назвай “Амелія, старэйшая дачка М. К. Агінскага”. Хочацца адзначыць, што гэта чарговая гасцёўня з цыкла пад агульнай назвай “Карані і крона”. У 2017 годзе прайшлі гасцеўні, прысвечаныя бацькам Міхала Клеафаса, лагічным завяршэннем якіх была паездка супрацоўнікаў музея, прадстаўнікоў мясцовага дабрачыннага фонда “Паўночныя Афіны Міхала Клеафаса Агінскага”, грамадскай арганізацыі “Сяльчанка” па мясцінах, звязаных з юнацтвам і дзяцінствам М.К. Агінскага ў Польшчы. 2018 год будзе прысвечаны дзецям славутага кампазітара.
І на першай гасцёўні ў гэтым годзе гаворка ішла пра першародную дачку Міхала Клеафаса і яго другой жонкі Марыі, Амелію. Некаторыя могуць заўважыць, чаму менавіта пра яе, а не пра старэйшых сыноў ад першага шлюбу. Супрацоўнікі музея абавязкова будуць успамінаць пра іх у наступных гасцёўнях, але ж у гісторыяграфіі , прысвечанай асобе М.К. Агінскага, ўвага звяртаецца на шчыльную сувязь кампазітара менавіта з дачкой Амеліяй, якая пераняла бацькаў талент і здольнасць да музыкі.
Гасцёўня была раздзелена на чатыры лагічныя часткі. Першая-прысвячалася дзяцінству князёўны Амеліі. І зрабіць яе яскравай і запамінальнай дапамагла невялькая тэатралізацыя з удзелам таленавітых дзяцей: ролю Амеліі бліскуча выканала Мілана Кенько, а ролю яе зводнага брата Тадэвуша – Ксенія Батура. У выкананні дзяцей гучала музыка, вершы, напісаныя самой Амеліяй, на сцэну выйшлі нават англійская гувернантка, нянька і слуга Амеліі (менавіта такі двор мела маленькая князёўна). Гэтая сцэна дапамагла прадэманстраваць тую атмасферу дабрыні, любові, творчасці, якая панавала пад час дзяцінства Амеліі ў Залессі.
Супрацоўнікі музея расказвалі пра незвычайныя здольнасці юнай Амеліі да навук, музыкі, малявання, паэзіі і г.д.
Наступныя часткі былі прысвечаны Амеліі-жонцы і маці. Арганізатары гасцёўні пастараліся раскрыць вобраз старэйшай дачкі Агінскага ўсебаковаі расказаць пра самыя асноўныя этапы жыцця і творчасці Амеліі Агінскай.
На сваіх мерапрыемствах супрацоўнікі музея заўсёды стараюцца прапанаваць для наведвальнікаў нешта новае і цікавае, на гэты раз прапанавалі пагуляць ў любімую гульню Амеліі “бурымэ”, сэнс якой заключаецца ў складанні вершаў на зададзеную рыфму. І госці бліскуча справіліся з заданнем – паэтычныя радкі атрымаліся яскравымі і запамінальнымі.
Не абыходзіцца ні адно мерапрыемства ў сядзібе без канцэрта. Асаблівы музычны настрой стварылі выдатныя музыканты трыа камернай музыкі “Унісон”, у выкананні якіх гучалі творы М. К. Агінскага, В. Казлоўскага і канешне Амеліі Агінскай.