У сераду апоўдні ў Крэва наведалася слынная французская мастачка-каларыст Лора Нуры.
Ларыса Нуры – мастацтвазнаўца і па першай спецыяльнасці – архітэктар. У Францыі яна вядомая як мастак-каларыст, фларыст і каларыст-дызайнер вопраткі папулярных куцюр’е. Яе персанальныя выставы праводзяцца як у Парыжы, дзе яна жыве, так і ў іншых гарадах Францыі. Напрыклад, цяпер выстава яе твораў ладзіцца ў Пуацье.
Што ж прывяло яе ў Крэва? Як расказаў нам крэўскі краязнаўца Аляксандр Камінскі, Ларыса нарадзілася ў гэтых мясцінах. Тут, у крэўскай школе, працавалі яе бацькі. Цяпер яны жывуць у Мінску, дзе мастачка часта бывае. Яе бацька паспяховы навуковец, доктар фізічных навук Міхаіл Мяльгуй доўгі час працаваў у Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі.
Беларускае мястэчка ўвесь час прыцягвала ўвагу Ларысы Нуры, і нарэшце мастачка вырашыла сюды наведацца разам з малодшым сынам Аляксандрам. Першымі сустрэлі госцю былыя настаўнікі Аляксандр Жукоўскі і Тамара Гарбарчук, якія некалі працавалі разам з бацькамі Ларысы. У народным школьным музеі Крэўскай СШ для шаноўнай наведвальніцы правёў экскурсію настаўнік гісторыі і дырэктар музея Міхаіл Міхалькевіч. Ён паказаў і месцы, дзе быў дом, у якім жылі бацькі Ларысы, і старая школа, у якой яны выкладалі.
Зацікавілі госцю і фрагменты старажытнага замка. У гутарцы з мясцовымі актывістамі Ларыса паабяцала, што пастараецца паспрыяць папулярызацыі гістарычнай спадчыны даступнымі ёй, як чалавеку мастацтва, сродкамі.
по материалам сайта:www.shliah.by