Дванаццаць творчых, неардынарных, самабытных майстроў спаборнічалі сёння ў Крэве за званне лепшага кераміста фестывалю.
«Выявіліся пераможцы ў трох намінацыях. Сваім «хатнім заданнем» – керамічным вырабам на вольную тэму мацней за ўсіх уразіў членаў журы Сяргей Моўчан (Мінск). Самы арыгінальны выраб, створаны непасрэдна на фестывалі, прадставіла Святлана Круглаполава (Гродна). А вышэй за ўсіх узняў выраб з гліны на ганчарным крузе Уладзімір Сасноўскі з Івянца.
Свята ў сярэднявечным замку ніяк не магло абысціся без рыцарскага турніру. Упершыню на Крэўскім фестывалі гэты турнір адбыўся ўнутры замка.
Таксама на свяце былі прадстаўлены артэфакты часоў Першай сусветнай вайны, знойдзеныя сёлета ў Крэве.
Аздобілі свята выступленні вядомых калектываў: народны ансамбль песні «Вечарынка», народны ансамбль народнай песні «Хутарок», заслужаны аматарскі калектыў Рэспублікі Беларусь фальклорны ансамбль «Гасцінец», народны ансамбль народнай песні «Жытніца», вакальны ансамбль «Бліскавіца». Майстар-класы па народных і сярэднявечных танцах, канцэрт калектыву «PerformanceShowStudio», фаер-шоу і святочная дыскатэка.