Крэўскі замак на вачах мяняе свой знешні воблік. Уведзена ў эксплуатацыю яго паўднёва-заходняя сцяна. Пачаліся работы па завяршальнаму першую чаргу будаўніцтва – чацвёртаму пускавому комплексу – кансервацыі паўднёва-усходняй сцяны. Плануецца, што за два гады чацвёртая сцяна замка будзе адноўлена.
Падчас зачысткі тэрыторыі вакол паўднёва-усходняй сцяны работнікі ААТ «Белрэстаўрацыя» выявілі цагляную муроўку. Працы на гэтым участку часова былі спынены.
«Днямі мы выехалі на месца. Неўзабаве выявілі, што інтэр’ерная муроўка (знаходзілася ўнутры замка) паказвае нам параметры будынка даўжынёй у 6 метраў. Цэгла, з якой яна зроблена, датуецца 14 стагоддзем, – расказвае вядучы навуковы супрацоўнік Інстытута гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, кандыдат гістарычных навук Алег Дзярновіч. – Версія, што ўнутры замка маглі быць пабудовы, пацвярджаецца. Пра гэта мы ўпершыню даведаліся з матэрыялу ў варшаўскім часопісе «Ziemia», які быў выдадзены ў 1938 годзе. В. Абуховіч (мы дакладна не ведаем, кім быў гэты чалавек - архітэктарам ці інжынерам) размясціў план Крэўскага замка, дзе была пазначана вежа (дарэчы, падмурак яе мы выявілі падчас мінулагодніх археалагічных раскопак) і галерэя паміж малой і выяўленай вежай. Якія былі пабудовы – суцэльныя ці не – нам неабходна выявіць. Таму ў бліжэйшы археалагічны сезон мы будзем гэтым займацца. Магчыма, нас ізноў чакаюць цікавыя адкрыцці».
Галіна АНТОНАВА
Фота аўтара і з архіва Алега ДЗЯРНОВІЧА